буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у 15—18 ст. Цэнтр — г. Рэчыца. Першапачаткова ўваходзіла ў склад Чарнігаўскага княства, уключала мястэчкі Стрэшын, Горваль, Дамыслін і інш., якія вял. князі ВКЛ раздалі духоўным і свецкім феадалам. Паводле адм. рэформы 1565—66 увайшла ў склад Рэчыцкага пав. У 1569 уключана ў «сталовыя» маёнткі, даход з якіх ішоў на забеспячэнне вял. князя і яго двара. У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) далучана да Рас. імперыі.